Event announcement
Сябры!
Як звычайна на пачатку месяца мы запускаем для вас новыя відэапаказы нашых спектакляў.
У сакавіку мы вырашылі паказаць спектаклі на любы густ. У нашай падборцы: «Паляванне на сябе», «Камень дурасцi», «Бiлет на брэсцкi цягнiк» I «Адэль».
Выбірайце тое, што цікава вам, і даследуйце новыя тэмы разам з намі.
«Паляванне на сябе» (запiс 2023 года).
не камедыя
Жыў-быў чалавек з прозвішчам Зілаў. Звычайны чалавек са звычайным прозвішчам. І была ў яго звычайная жонка. Як раптам… ён атрымаў кватэру!
Здавалася б, усё ў яго павінна быць добра. Але ён аказваецца замураваны ў лабірынце ўласнай свядомасці. А ў лабірынце гэтым шмат квэст-пакояў, дзе яго чакаюць жонка, палюбоўніца, сябры. З кожным крокам Зілаў заблытваецца ўсё больш. Ці знойдзе ён выхад?
Спектакль “Паляванне на сябе” пра тых, хто лічыць сябе дарослым, а на справе аказваецца дзіцём, якое ўпершыню патрапіла ў такі квэст-пакой уласнага жыцця.
Стас Жыркоў аб спектаклі: “Часцей за ўсё гэту гісторыю разглядаюць як вельмі бытавую, але на самой справе ў п’есе закладзены небытавы ход. І менавіта таму мне цікава паглядзець на гэтага аўтара зараз, бо час дае розныя магчымасці для працы на сцэне. Што гэта будзе? Адказваю проста: гумар, гумар, гумар і яшчэ раз гумар, толькі смеху будзе станавіцца не больш, а менш. Не заўсёды чалавек смяецца тады, калі хоча…
Акцёры РТБД – фантастычныя. Іх рашучасць, апантанасць тэатрам, іх жаданне быць лепш – усё гэта дапаможа спектаклю стаць не проста “Паляваннем на сябе”, а “Дзікім паляваннем на сябе!!!””
Аўтар: Аляксандр Вампілаў (па матывах п'есы "Утиная охота")
Рэжысёр – Стас Жыркоў
Мастак – Алена Ігруша
Кампазітар – Андрэй Ругару
Пераклад – Марыя Пушкіна
Узроставыя абмежаванні: 16+
Прэм’ера: 10 кастрычніка 2018г.
Дзякуй, што працягваеце пазнаваць сябе праз спектаклi РТБД. Гэта вельмі важна для нас! Мы рады быць побач.