Event the event в Minsk
У новым “сезоне пазнанняў” РТБД працягвае добрую традыцыю – знаёміць вас са сваімі спектаклямі не толькі непасрэдна ў тэатры, але і ў відэафармаце.
Напачатку верасня ў нас атрымаўся крыху вучэбны настрой, таму прапануем вам “тэатральную школьную праграму” і магчымасць з новага боку адкрыць творы беларускіх класікаў.
Напрацягу месяца ў вас будзе магчымасць паглядзець спектаклі “Альпійская балада”, “Беларусь. Дыдактыка” і “Карней”.
Спектакль "Карней" (запiс 2023 года)
гісторыя аднаго дома
Беларуская зямля і яе народ на працягу ўсяго існавання падвяргаліся складаным выпрабаванням. Вялікая Айчынная вайна – адна з найтрагічных старонак нашай гісторыі. Тое, што нельга забыць, бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана: паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж усім жывым на зямлі існуе непарыўная нябачная сувязь.
“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.
Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..
У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.
Дзякуй, што застаяцеся на хвалі #сапраўдныхэмоцый разам з РТБД. Гэта сапраўды вялікая каштоўнасць для кожнага з нас!