Анонс мероприятия
Сябры!
Што для вас значыць "пачуццё дому"? Ці задумваліся вы над гэтым? Наколькі шырокае гэтае паняцце для вас? Што вы ў яго ўкладваеце?
Прапануем паразважаць над гэтым разам з новай відэападборкай спектакляў ад РТБД.
З 1 сакавіка па 15 красавіка вы зможаце паглядзець спектаклі "Альпійская балада", "Карней" і "Паляванне на сябе" і ўбачыць, наколькі розным можа быць пачуццё свайго Дому.
спектакль "Карней" (запiс 2023 года)
гісторыя аднаго дома
Беларуская зямля і яе народ на працягу ўсяго існавання падвяргаліся складаным выпрабаванням. Вялікая Айчынная вайна – адна з найтрагічных старонак нашай гісторыі. Тое, што нельга забыць, бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана: паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж усім жывым на зямлі існуе непарыўная нябачная сувязь.
“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.
Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..
У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.
Будзем удзячныя вам, шаноўныя гледачы, калі вы падзеліцеся сваімі думкамі з намі ў сац.сетках. Дзякуй, што выбіраеце РТБД, анлайн і афлайн. Гэта – сапраўдная каштоўнасць!