Анонс мероприятия в Минске
Сябры!
Нават на сваіх вакацыях РТБД не пакідае вас без #сапраўдныхэмоцый і любімых спектакляў! З 15 ліпеня па 31 жніўня вы зможаце паглядзець спектаклі-пераможцы гэтага тэатральнага сезона. Спектаклі, якія атрымалі знакавыя ўзнагароды на розных фестывалях: “Пачупкі” і “Камень дурасці”.
Спектакль “КАМЕНЬ ДУРАСЦІ” (запіс 2022 года)
драма
Сумесная пастаноўка Рэгіянальнага грамадскага фонду падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А. П. Чэхава,
Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
Спектакль "Камень дурасці" атрымаў у гэтым сезоне дыплом "За лепшы акцёрскі ансамбль" на XXVII Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая Вежа" і спецпрыз "За лепшае мастацкае рашэнне" на VII фестывалі "Розаўфест" у Яраслаўлі.
Папулярным сюжэтам у карцінах нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча з’яўлялася “выдаленне каменя дурасці”, згодна з якім хірург нібыта вылечвае пацыента ад дурасці.
У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць, таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства, чым сапраўдную хірургічную аперацыю.
Сучасная гісторыя беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка – гэта меланхалічныя сцэны з жыцця чалавека, які перанёс складаную аперацыю на галаўным мозгу. Пазбавіўшыся свайго “каменя дурасці”, галоўны герой Раман пачынае востра адчуваць бессэнсоўнасць таго, што адбываецца ў яго жыцці і навокал. Здаецца, так было заўсёды: блізкія, што падманваюць сябе, прапаведуючы чужыя ім “правілы жыцця”, пустыя сустрэчы, размовы. Толькі цяпер гэта стала больш відавочным і невыносным. Чым для Рамана з’явіцца “камень дурасці”? І ці толькі ў негатыўным кантэксце магчыма яго прачытанне?
Жадаем вам прыемнага прагляду і прыемнага адпачынку! Наступны сезон у РТБД пачнецца 20 жніўня. Квіткі на спектаклі ўжо даступны ў нас на сайце. Дзякуй, што застаяцеся разам з намі!