Анонс мероприятия в Минске
Сябры!
Новы відэарэпертуар ужо даступны для прагляду! Гэтым разам мы аб’ядналі спектаклі пад тэмай “усё не тое, чым здаецца”. З 17 красавіка па 31 мая вы можаце паглядзець спектаклі “Вар’ятка”, “Камень дурасці” і “Махляры”.
Спектакль «Камень дурасці» (запіс 2022 года)
драма
Сумесная пастаноўка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэгіянальнага грамадскага фонду падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А. П. Чэхава
Папулярным сюжэтам у карцінах нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча
з’яўлялася “выдаленне каменя дурасці”, згодна з якім хірург нібыта вылечвае пацыента ад дурасці.
У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць,
таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства,
чым сапраўдную хірургічную аперацыю.
Сучасная гісторыя беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка – гэта меланхалічныя сцэны з жыцця чалавека, які перанёс складаную аперацыю на галаўным мозгу. Пазбавіўшыся свайго “каменя дурасці”, галоўны герой Раман пачынае востра адчуваць бессэнсоўнасць таго, што адбываецца ў яго жыцці і навокал. Здаецца, так было заўсёды: блізкія, што падманваюць сябе, прапаведуючы чужыя ім “правілы жыцця”, пустыя сустрэчы, размовы. Толькі цяпер гэта стала больш відавочным і невыносным.
Чым для Рамана з’явіцца “камень дурасці”? І ці толькі ў негатыўным кантэксце магчыма яго прачытанне?
Дзякуй, што застаяцеся на хвалі #сапраўдныхэмоцый, анлайн і афлайн! Гэта вялікая каштоўнасць для кожнага з нас!