Анонс мероприятия в Минске
РТБД працягвае пагружаць вас у свет #сапраўдныхэмоцый, асабістых перажыванняў, тэрапеўтычных тэм і яркіх спектакляў. Цяпер і ў відэафармаце.
У лютым прапануем разам паразважаць на тэму бацькоўскіх фігур. Якімі рознымі яны бываюць, як па-рознаму ўплываюць на сямейную структуру і як часам доўга застаюцца нават з дзецьмі, якія ўжо сталі дарослымі.
4 спектаклі, 4 аўтарскія погляды на тэму, 4 непадобныя адзін да аднаго драматургічныя матэрыялы. Выбірайце тое, што цікава вам, і даследуйце гэтую тэму разам з намі і спектаклямі “Сіндром Медэі”, “Пелікан”, “ФІНТ-КРУАЗЭ” і “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”.
Спектакль "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" (запіс 2021 года)
сон у дзвюх дзеях
Аляксандр пакутуе ад таго, што тата ніколі, ні разу не сказаў яму пра сваю любоў. Рэальныя жыццёвыя хваляванні пераносяцца ў дакучлівыя сны, у якіх ён сустракаецца з бацькам, каб – нарэшце! – даведацца пра яго пачуцці да сына.
«Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» – спектакль, дзе мяжа паміж жыццём і смерцю, сном і рэальнасцю сціраецца канчаткова. Магчыма, гэта той спектакль, у якім сны, што датычацца мінулага, цяперашняга і будучага, нясуць у сабе столькі інфармацыі, што хопіць надоўга паразважаць і асэнсаваць уласныя думкі і адносіны паміж роднымі і блізкімі.
Аўтар: Дзмітрый Багаслаўскі
Рэжысёр-пастаноўшчык: Шаміль Дыйканбаеў (Кыргыстан)
Мастак-пастаноўшчык: Алёна Ігруша
Мастак па святле: Мікалай Суркоў
Кампазітар: Канстанцін Яськоў
Прэм’ера: 11 верасня 2013 г.
Дзякуй, што ідзяце разам з намі шляхам даследавання сябе, свайго ўнутранага свету і няпростых тэм. Гэта вельмі важна для нас! Мы рады быць побач і падсвечваць вам цёмныя куты падсвядомасці.