Анонс мероприятия в Минске
18 снежня 2024 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае места» адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы скульптуры Аляксандра Наймана «ПАРАДОКС NAY».
Калі чытаеш біяграфію Аляксанда Наймана, спачатку з’яўляецца нейкае здзіўленне, а потым ахоплівае пачуццё павагі. Бортінжынер кампаніі «Белавія» з вельмі салідным стажам, не спыняючы сваю прафесійную дзейнасць, пачынае пісаць сцэнарыі да мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, а потым захапляецца скульптурай. Захапленне гэта расце, пашыраецца, развіваецца і вось перад намі творчая асоба — скульптар Аляксандр Якаўлевіч Найман.
Далёка не кожны чалавек здольны кардынальна змяняць звыклае жыццё, нават калі марыць аб гэтым. «Я ніколі не займаўся той справай, якая мне не падабалася». Відавочна гэтыя словы Аляксандра з’яўляюцца зразумелым тлумачэннем такіх нечаканых, са старонняга пункту гледжання, паваротаў.
Жалеза, бронза, латунь, сланец… Авраам, Маісей, Давід, Каін, які падняў руку на брата, Лот, што не азірнуўся. Пантаміма амаль што бесцялесных, міміка амаль што безаблічных, рух амаль што нерухомых. Гэтыя скульптуры — аўтарская трактоўка старазапаветных сюжэтаў з глыбокім эмацыянальным напаўненнем, якое адваротна прапарцыянальна іх невялікаму памеру.
Героі іншай часткі прадстаўленых на выставе твораў — не біблейскія персанажы і не анёлы, а жыхары нашага горада з не такіх ужо далёкіх гадоў прошлага стагоддзя. Тут зусім іншыя эмоцыі, іншая дынаміка. Здаецца, што чуваць шматгалоссе старых мінскіх дворыкаў. Матэрыялы, якія выкарыстоўваў аўтар, таксама іншыя. Цікава, што стаяць скульптуры на кавалках асфальту.
На выставе «ПАРАДОКС NAY» прадстаўлена больш за 30 работ, сярод якіх асобнай тэмай гучаць тыя, што прынята называць філасофскімі. Хто мы? Якія мы? Адкуль мы? Ці задаем мы сабе гэтыя адвечныя пытанні? Ці атрымліваем на іх адказ? Выстава Аляксандра Наймана з’яўляецца менавіта тым месцам, дзе склаліся ўмовы паразважаць пра гэта, месцам, дзе зямное і ўзвышанае разам і ніколькі не перашкаджае адно аднаму. Парадокс? Магчыма.
Выстава працуе да 26 студзеня 2025 года.