Event the event в Minsk
31 кастрычніка 2024 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы акварэлі і жывапісу Наталлі Шапавалавай «Тонкі свет».
Тонкі свет — адзін з аспектаў жыцця, які існуе за межамі таго, што чалавек можа бачыць, чуць і адчуваць. Гэта царства энергій, якія прысутнічаюць паўсюль і ўплываюць на чалавечы вопыт і ўспрыманне жыцця. Гэтыя энергіі ўключаюць эмоцыі, думкі, ідэі і іншыя нефізічныя з’явы. У сваіх творах Наталля Шапавалава з уласцівай ёй далікатнасцю і глыбінёй дэманструе, якія дзіўныя сусветы ствараюць гэтыя энергіі, злучаючыся з творчым пераасэнсаваннем мастака, даючы гледачу магчымасць убачыць і адчуць схаваныя вымярэнні рэальнасці.
Асаблівасцю твораў мастачкі з’яўляюцца фантастычныя спалучэнні вобразаў, якія выклікаюць адначасова і захапленне, і здзіўленне. Нябачаныя рыбы, птушкі, хамелеоны сплецены з прыроднымі ландшафтамі, раслінамі і нават людзьмі. Неверагодным чынам адно зліваецца з іншым, утвараючы новую форму і нечаканы сэнс, межы сна і явы знікаюць, а розум становіцца кампаньёнам ў падарожжы па таямнічых гульнях падсвядомасці. У «Тонкім свеце» Наталлі Шапавалавай у поўнай меры выяўляецца імкненне зазірнуць за эфемерную мяжу рэальнасці. Апісаць убачанае з дапамогай уласнай сімволікі і метафар — складаная задача, аднак майстэрства мастака, у дадзеным выпадку, дазволіла зрабіць гэта дакладна і вытанчана, ператварыўшы нешта невызначальнае ў канкрэтныя візуальныя вобразы.
Сапраўднае мастацтва — гэта акно ў свет, які не падуладны законам фізікі і логікі. Гэты свет раствараецца ў тумане ўяўлення і фантазіі, знаходзячы формы і адценні, якія толькі вызначаюць контуры чалавечых перажыванняў. Наведвальнікі выставы ўбачаць больш за 60 твораў Наталлі Шапавалавай, дзе сутыкаюцца фантазійныя вобразы і сутнасці. Яны ствараюць унікальныя прасторы і адкрываюць нам альтэрнатыўныя рэальнасці, якія даюць магчымасць даследаваць і глыбока асэнсаваць уласныя пачуцці і ўражанні.
Выстава працуе да 8 снежня 2024 года.