Event the event в Minsk
14 лістапада (чацвер) 2024 года ў 17:30 у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы «Сакрэты ідэальнай пасадкі» з праекту «Традыцыі і сучаснасць».
У межах праекту «Традыцыі і сучаснасць», прымеркаванага да 85-годдзя дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» у мастацкай галерэі «Цэнтр» арганізавана выстаўка «Сакрэты ідэальнай пасадкі». Экспазіцыя прысвечана касцюму індывідуальнага пашыву 1950 — 1980-х гг.
Мэта выставы — паказаць моду другой паловы ХХ ст., прадэманстраваць плён працы, талент і мастацкі густ швачак Мінскай вобласці, якія працавалі ў складаныя пасляваенныя часы і ў перыяд аднаўлення краіны. Адзенне, створанае швачкамі па індывідуальным меркам, мела «ідэальную пасадку» і яскрава адлюстроўвала эстэтычныя густы замоўцаў.
Экспазіцыя фарміруецца з адзення не фабрычнай вытворчасці, а з вырабаў індывідуальнага пашыву, створаных на тэрыторыі Мінскай вобласці ў 1950 — 1980-х гг. Самапашыў і пашыў адзення ў атэлье або ў прыватных швачак з’яўляўся характэрнай тэндэнцыяй у пасляваенны час, калі прамысловасць яшчэ не магла ў поўнай меры забяспечыць патрэбы грамадства, а практычная кожная жанчына, асабліва ў вясковай мясцовасці традыцыйна ўмела шыць.
Вілейскі краязнаўчы музей прадстаўляе адзенне 1950-х гг. пераходнага перыяду, калі матэрыялы і тэхнікі аздаблення яшчэ былі традыцыйнымі — лён, бавоўна, ручная вышыўка, а фасоны ўжо становяцца сучаснымі, з уплывам гарадской моды.
Другую частку экспазіцыі складае калекцыя жаночага адзення 1970-х гг. з вёсак Мядзельскага раёна. У гэты час папулярным становіцца сінтэтычнае палатно, якое было лёгка мыць і прасаваць. Гэта летнія сукенкі з тканін з кветачнымі матывамі, дэмісезонныя паліто, строгія кашулі для адпаведных мерапрыемстваў.
Разнастайнае святочнае адзенне 1960 — 1980-х гадоў прадстаўлена экспанатамі з Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, Капыльскага раённага цэнтра культуры і Старадарожскага цэнтра культуры і адпачынку.
Таксама ў экспазіцыі можна будзе пазнаёміцца з аксесуарамі сярэдзіны ХХ ст.: шалікамі, брошкамі і торбачкамі якімі жанчыны дапаўнялі модны ансамбль.
У перыяд з канца 1950-х і да канца 1980-х тэма стылю і знешняга выгляду ў насельніцтва стала вельмі папулярнай. Калі раней імкненне добра выглядаць і вылучацца магло сустрэць непрыязнае стаўленне грамадства, то зараз цікавасць да моды прызнавалася зусім звычайнай з'явай.
Падчас працы выстаўкі пройдуць куратарскія агляды выставы, працуе фотазона.
Выстава працуе з 14 лістапада па 15 снежня 2024 г.