Event the event в Minsk
Для вядомай беларускай мастачкі Наталлі Сухаверхавай 2024 год асаблівы – яна адзначае не толькі сваё 75-годдзе, але і 50-годдзе творчай дзейнасці. Менавіта да гэтых падзей і прымеркавана персанальная выстаўка габелена Наталлі Уладзіміраўны. У экспазіцыі сабраны работы розных часоў – ад ранніх твораў 1970-1980-х гг. да створаных у бягучым годзе.
На працягу ўсёй сваёй творчай прафесійнай дзейнасці мастачка застаецца верная класічнаму «шпалернаму» ткацтву беларускай нацыянальнай школы габелена. Працы Наталлі Сухаверхавай адрозніваюцца тэматычнай вызначаннасцю, сюжэтнасцю і візуальнай яснасцю формы пры наяўнасці шматлікіх сэнсавых трактовак.
Творы запамінаюцца гарманічным злучэннем формы і колера, падкупляюць сваёй рамантыкай і лірызмам. У іх прысутнічае канкрэтыка і ўмоўнасць. Габелены мастачкі – яркія, маляўнічыя, традыцыйна-нацыянальныя, і ў той жа час арыгінальныя і сучасныя – уступаюць у эмацыйны дыялог з гледачом, адкрываючы душу і сэрца аўтара. Наталлі Сухаверхавай падуладныя як кантрасныя каляровыя спалучэнні, уласцівыя нацыянальнаму ткацтву, так і тонкія акварэльныя пераходы колеру і святла ў габелене.
Адмысловае месца на выстаўцы займаюць працы з каларытам беларускіх народных свят: «Прыехала Каляда», «Калядны вечар», «Купалле». Гэтыя і іншыя творы напаўняюць залу атмасферай свята, чаканнем каляднага цуду, пераносяць гледача ў маляўнічы свет «каляровага фэсту».
Творчае крэда Наталлі Сухаверхавай – служэнне гармоніі, дабру і прыгажосці. Як кажа сама мастачка, стварэнне габелена – сінтэз трох відаў мастацтва. Над стварэннем эскіза мастак працуе як графік. Затым ствараецца кардон на паперы ў натуральную велічыню, а гэта ўжо праца манументаліста. Нарэшце само ткацтва, калі рукамі ствараецца твор, і гэта нагадвае працу скульптара. Працэс стварэння габелена ў тэхніцы класічнага ткацтва вельмі працаёмкі і павольны, які патрабуе ад мастака поўнай самааддачы, і не толькі фантазіі і натхненні, але і цярпення, умення і досведу.
Выстава габеленаў Наталлі Сухаверхавай – гэта своеасаблівае прызнанне мастачкі ў любові да роднай Беларусі.
Выстава працуе да 26 студзеня 2024 года.
пл. Свабоды, 15
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
+375 17 270-43-66
minskmuseum.by
Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых
5,00 руб. – для пенсіянераў, студэнтаў
3,00 руб. – для школьнікаў