Анонс мерапрыемства ў Мінск
14 лістапада 2024 года а 16-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы сябры Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Леаніда Леанідавіча Мядзведскага «Метамарфозы колеру і вобразаў».
Жывапіс Леаніда Мядзведскага — гэта аўтарская імправізацыя, дзе ўсё пабудавана на эмоцыях і пачуццях. Пераважная большасць яго твораў напісана з натуры, але менавіта жывапісна-пластычная інтэрпрэтацыя аб’ектаў адлюстравання з’яўляецца асаблівасцю аўтарскай манеры мастака. У сваёй творчасці аўтар асабліва часта звяртаецца да пейзажа, нацюрморта, партрэта, якія выконвае звычайна ў тэхніцы гуашы. Гуаш, яе чысціня, гучная палітра колераў захапляе мастака. У сваіх творах Леанід Мядзведскі шырока выкарыстоўвае не столькі ўласцівы для гэтых фарбаў укрывісты характар, колькі нехарактэрныя для гуашы лесіроўкі. Акрамя пленэрных і натурных матываў стварае жывапісныя варыяцыі на тэмы твораў славутых мастакоў мінулага.
У экспазіцыі прадстаўлены творы з калекцыі мастака, створаныя ў 2000-я гады.
Мядзведскі Леанід Леанідавіч (27.10.1956, г. Віцебск) — беларускі жывапісец. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (1983).
Выкладчык дзіцячай мастацкай школы №1 г. Віцебска (1983–2017). Удзельнік мастацкіх выстаў (1982). Сябра Беларускага саюза мастакоў (1997). Удзельнік вялікай колькасці пленэраў і творчых сімпозіумаў (Беларусь, Германія, Ізраіль, Латвія, Літва, Польшча, Фінляндыя).
Уладальнік дыплома І-й ступені IV Біенале графічнага мастацтва ў г. Санкт-Пецярбург (2008, Расія), дыплома Міжнароднай біенале акварэлі (2015, г. Шэньчжэнь, Кітай).
Творы мастака знаходзяцца ў зборах Музея сучаснага мастацтва (г. Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Мастацкай галерэі (г. Полацк), Музея г. Нінбурга (Германія), Музея «Даўгаўпілскі арт-цэнтр імя Марка Ротка» (Латвія), Цэнтра сучаснага мастацтва «Марс» (Масква, Расія), у прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Ізраіля. Жыве ў Віцебску.
Выстава працягнецца па 14 снежня 2024 года.