Анонс мероприятия в Минске
25 студзеня 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-дакументальна-мастацкай экспазіцыі, прысвечанай народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Уладзіміравічу Быкаву і прымеркаванай да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Пачатак — а 17-й гадзіне.
Творчасць Васіля Быкава заўсёды прыцягвала ўвагу аматараў літаратуры. Але не шмат хто ведае, што сусветна вядомы літаратар спрабаваў сябе і ў выяўленчым мастацтве. Пра гэту старонку яго творчай біяграфіі пры яго жыцці ведалі толькі родныя ды блізкія сябры. Мастацкая спадчына Васіля Быкава налічвае сотні адзінак, але і па сёння застаецца ў поўнай меры не вядомай і не папулярызаванай сярод прыхільнікаў яго таленту.
Цікава, што ў юнацтве Васіль Быкаў збіраўся стаць прафесійным мастаком і нават навучаўся на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча. На жаль, з-за адсутнасці сродкаў, вучобу давялося спыніць.
У хуткім часе Васіль Быкаў зноў прыехаў у Віцебск, але цяпер вучыўся ў фабрычна-завадской вучэльні. «Сумаваў па мастацтве, у вольны час бегаў у музеі, — прызнаваўся ён праз шмат гадоў. — Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнага класа, узіраўся ў знаёмыя твары шчасліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу». «Было сорамна і балюча...» — напіша ён ва ўспамінах.
Аднак улюбёны занятак Быкаў не кінуў…
На выставе будзе прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава. Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, кур’ёзныя сітуацыі, самаіранічныя замалёўкі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах — шмат каштоўных «абрысаў і ліній» зафіксавалі аловак і пэндзаль Быкава-мастака.
Акрамя таго, увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены фотаздымкі, кнігі, рукапісы, лісты, дакументы, асабістыя рэчы, прадметы адзення і аксесуары Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экспазіцыйныя матэрыялы ахопяць наступныя тэмы: «Дзяцінства», «Ваенныя ўспаміны», «Творы Быкава ў іншых відах мастацтва», «Жыццё і творчасць пад мірным небам».
Куратар выставы — старшы навуковы супрацоўнік, куратар філіяла «Музей-дача Васіля Быкава» Ірына Расціславаўна Князева.