Event announcement in Minsk
7 мая ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу выстава «У госці да тэатральнай лялькі», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Валерыя Яўгенавіча Рачкоўскага.
Валерый Яўгенавіч Рачкоўскі нарадзіўся 21 красавіка 1954 года ў вёсцы Ганчароўка Смалявіцкага раёна. У 1982 годдзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў мастаком-пастаноўшчыкам (1984-1987), галоўным мастаком Мінскага абласнога тэатра «Батлейка» ў Маладзечна (1990-1998), галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (1998-2014).
Як мастак-пастаноўшчык паставіў больш за 75 спектакляў для дзяцей і дарослых. Найбольш значныя пастаноўкі Валерыя Яўгенавіча: «Казка пра цара Салтана» А. Пушкіна (1984), «Прыгоды алавянага салдаціка, пастушкі і камінара» А. Жугжды (1996), «Дом, які пабудаваў Свіфт» Р. Горына (2000), «3 Парыжам скончана!» паводле А. Чэхава (2001), «Гісторыя аднаго горада» паводле М. Салтыкова-Шчадрына (2005), «Рыгорка — ясная зорка» А. Вярцінскага (1990), «Плыт мерцвякоў» Х. Мюлера (1992); «Меч анёла» І. Сідарука і «Пакінуты ўсімі» А. Ляляўскага паводле казкі Г. Х. Андэрсэна «Брыдкае качаня» (1998) і іншыя.
Прасторавыя вырашэнні лялечных спектакляў Валерыя Рачкоўскага былі заўсёды пазнавальнымі сваёй выключнай сімвалічна-вобразнай сістэмай прадметнага свету, яго ўласным бачаннем навакольнага асяроддзя. Мастак шмат працаваў над агульнай колеравай гамай і дэкарацыйным афармленнем тэатральнай прасторы, многа ўвагі ўдзяляў лялькам, робячы іх непаўторнымі, з тонкімі індывідуальнымі рысамі. У кожнай сваёй рабоце мастак знаходзіў штосьці выключнае, бачнае толькі яму: рамантызм і прыгажосць узаемаадносін героя, таямнічасць зямнога быцця, вострую сатыру і здаровы гумар.
Дзякуючы прафесіяналізму і бязмежнаму таленту мастака Беларускі дзяржаўны тэатр лялек дасягнуў высокага мастацкага ўзроўню. Яго спектаклі адзначаліся на Міжнародных фестывалях тэатраў лялек.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца больш за 160 эскізаў, касцюмаў і лялек мастака, большая частка з якіх будзе прадстаўлена на выставе ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка.