Анонс мероприятия в Минске
13 лістапада 2025 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі Міхаіла Чэпіка (1925–2000) “Палёт над горадам”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння мастака.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 твораў жывапісу і графікі, якія адлюстроўваюць асноўныя тэматычныя напрамкі і этапы творчай біяграфіі Міхаіла Піліпавіча Чэпіка. Мастацтва мастака ў розныя перыяды мела рысы “суровага стылю”, сац-арту, авангардызму, але заўсёды заставалася самабытным і арыгінальным. Ён аднолькава паспяхова працаваў у розных тэхніках: як жывапісец, акварэліст, плакатыст, сцэнограф.
Біяграфія Міхаіла Чэпіка – гэта шлях таленавітага мастака з вёскі на Віцебшчыне праз Маскоўскае мастацка-прамысловае вучылішча імя М. І. Калініна, ваенныя дарогі Румыніі, Балгарыі, Сербіі, Венгрыі, Аўстрыі ў Мінск. Менавіта сталіца Беларусі стала галоўным горадам у лёсе мастака. Тут ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, сустрэў спадарожніцу жыцця і завёў сям’ю, 35 гадоў працаваў мастаком-сцэнографам у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР.
Міхаіл Чэпік стварыў свой вобраз Мінска. Звычайная для сучасных мінчан забудова з цагляных пяціпавярховак і бетонных панэлек 1960-х ператварылася ў яго ў святочную феерыю горада-мары. Прыхільнік яркага адкрытага колеру і планетарнага бачання, ён умеў выбраць нечаканы ракурс – часта з вышыні птушынага палёту. Усе мінскія краявіды М. П. Чэпіка не проста распазнавальныя, але і вельмі дакладныя. Сотні скрупулёзных малюнкаў і лаканічных эскізаў, вялікія жывапісныя палотны і «хуткія» акварэльныя эцюды – Міхаіл Піліпавіч пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну і падрабязны мастацкі дзённік, дзе галоўным героем выступае горад Мінск. Наведвальнікі выстаўкі ўбачаць жывапісныя палотны з панарамнымі мінскімі краявідамі, атмасферныя акварэльныя работы 1960-х гг., алоўкавыя замалёўкі сюжэтаў гарадскога жыцця.
Асобныя работы на выстаўцы адлюстроўваюць тэму Вялікай Айчыннай вайны, якую мастак прайшоў як салдат-пехацінец і сустрэў Перамогу ў Аўстрыі. Дочкі мастака ўзгадваюць: «Тата не вельмі любіў расказваць пра вайну. Хоць нейкія яркія гісторыі нам усё ж такі запалі ў памяць. Бацька прыгадваў, як два тыдні стаяў у балоце, навучыўся спаць на хаду…».
Міхаіл Чэпік самазабыўна захапляўся беларускімі краявідамі, пераносячы іх на палатно па-майстэрску і паэтычна. Ён эмацыйна і размашыста, лічанымі мазкамі фіксаваў пераменлівасць жыцця і прыроды. У экспазіцыі прадстаўлены шэраг жывапісных работ, на якіх мастак адлюстраваў наваколлі Заслаўя, Раўбічаў, Прылук, узгоркі Лагойшчыны, бягомльскія лясы, астрашыцкія ўзгоркі.
Асаблівую цікавасць уяўляюць алоўкавыя замалёўкі працоўных будняў закулісся тэатра оперы і балета. Міхаіл Піліпавіч вёў свой графічны дзённік на працягу ўсіх 35 гадоў працы ў тэатры. Асобныя лісты гэтага ўнікальнага “мастацкага дакумента” ўпершыню будуць прадстаўлены на выставе.
Запрашаем здзейсніць «палёт над горадам» разам з Міхаілам Чэпікам, які здолеў адлюстраваць час са страчанымі будынкамі і ландшафтамі і падарыць забытае адчуванне зачаравання жыццём, якога так шмат у работах мастака.
Выстаўка працуе да 14 снежня 2025 года.
пл. Свабоды, 15
+375 17 270-43-66
minskmuseum.by
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых
5,00 руб. – для студэнтаў
3,00 руб. – для школьнікаў