Анонс мероприятия в Минске
15 кастрычніка 2025 года ў 18:00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) адбудзецца адкрыццё зборнай выстаўкі скульптур і арт-аб’ектаў «МАСТАЦТВА ЖЫВОГА АГНЮ» па выніках XIX Міжнароднага пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль – 2025». Выстаўка арганізавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў, Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам, Бабруйскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Бабруйскім мастацкім музеем.
Унікальны культурны форум «Арт-Жыжаль», які праводзіцца з 2003 года і збірае мастакоў-керамістаў і скульптараў з усяго свету, з моманту заснавання стаў платформай для абмену вопытам і ідэямі, пляцоўкай для эксперыментаў з формай, фактурай і тэхналогіяй з мэтай увасобіць у жыццё самыя неверагодныя задумы. Назва пленэру адсылае да бога падземнага агню Жыжаля з беларускай міфалогіі, які сімвалізуе працэс ператварэння гліны ў мастацтва пад уздзеяннем агню. Аўтарам і нязменным кіраўніком праекта з’яўляецца Валерый Аркадзьевіч Калтыгін.
Экспазіцыя ўяўляе сабой яскравае і разнастайнае адлюстраванне сучаснага керамічнага мастацтва, створанага таленавітымі мастакамі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Малдовы, Егіпта і Турцыі, якія ўдзельнічалі ў творчым пленэры ў 2025 годзе: Махамедам Элабдам Алі Халілам, Дар’яй Арочкай, Іванам Арцімовічам, Вольгай Валавай, Андрэем Вараб’ёвым, Анастасіяй Гумінскай, Валянцінай Іваньковай, Індізрай Узбекавай, Валерыем Калтыгіным, Максімам Калтыгіным, Сяргеем Каралёвым, Юрыем Малыгіным, Ганнай Марамыгінай, Валерыем Марчуком, Тамарай Перапёлкінай, Аляксандрам Перліным, Вольгай Сямашка, Магедам Закі Хасанам, Яўгеніем Чэўдарам, Анастасіяй Швець, Святланай Шугждай.
Тэма пленэру гэтага года – «Культура і мастацтва ў вобразах і сімвалах». Больш за 50 керамічных вырабаў (ад ваз, упрыгожаных егіпецкімі арнаментамі, да скульптур, натхнёных бязмежнымі казахскімі стэпамі) распавядаюць гісторыі сваіх стваральнікаў, якія ўвасобілі ў работах нацыянальныя традыцыі і гісторыю сваіх краін, запрашаючы гледачоў у куток сваёй душы. Прадстаўленыя творы ахопліваюць шырокі спектр сюжэтаў: традыцыйныя матывы народнага мастацтва, іх сучасныя інтэрпрэтацыі, абстрактныя формы.
Гліна – пластычны матэрыял, які дазваляе дабівацца імітацыі металу, тканіны і нават паперы. У сваіх творах удзельнікі прадэманстравалі разнастайнасць тэхналагічных працэсаў, шырокі дыяпазон пластычных уласцівасцей гліністых матэрыялаў, рэльефных, фактурных, каляровых, графічных спосабаў апрацоўкі паверхні дэкаратыўных форм і спалучэнне розных спосабаў абпалу.
Праект «Арт-Жыжаль» яскрава пацвярджае, што кераміка сёння з’яўляецца не проста рамяством, але і магутным сродкам мастацкага самавыяўлення, здольным перадаваць глыбокія ідэі. Запрашаем усіх акунуцца ў атмасферу творчасці, магіі гліны і агню і натхніцца творчымі знаходкамі аўтараў на выстаўцы!
Выстаўка працягнецца да 9 лістапада 2025 года.
Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых
5,00 руб. – для студэнтаў
3,00 руб. – для школьнікаў
пл. Свабоды, 15
+375 17 270-43-66
minskmuseum.by
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00