Анонс мероприятия в Минске
"Беларусь – кінатэрыторыя лімінальнасці" трэцяя лекцыя з цыклу "Кінатаямніцы Беларусі".
"Кінатаямніцы Беларусі" - гэта чатыры лекцыі доктара гуманітарных навук, беларускага культуролага і кіназнаўцы Андрэя Расінскага, з якіх вы даведаецеся пра беларускую кінаготыку, праклятыя вышыні і нячыстыя звязы.
Як гішпанскія ваўкалакі звязаныя з беларускімі землямі – і чаму ў іх дзве душы?
Што такое лімінальнасць і як яна адлюстроўваецца ў беларускім кіно?
Да якой культавай стужкі спрычыніўся “Беларусьфільм” і чаму беларуская архітэктура пасуе для кінахорараў?
Якімі незвычайнымі прыёмамі карысталіся творцы, як рабіць постлюмінацыю, адфільтраванае старэнне і дыстанцыйны мантаж?
Беларускія кінавынаходкі разглядаюцца разам з сусветнымі, а сучасныя кінагісторыі пераплятаюцца са старажытнымі.
_______________________________________________________________________________________________________________
Непасрэдна на лекцыі "Беларусь - кінатэрыторыя лімінальнасці" мы абмяркуем наступныя думкі:
- Што такое лімінальнасць, відовішча і абрады пераходу паводле Віктара Тэрнэра? Міфы, казкі і шлях героя
- Чаму лімінальная кінавытворчасць нібыта ані тут, ані там?
- Праездам праз Беларусь з Масквы ў Геную. Тут абрынаюцца імперыі
- Сталыя вобразы: руіны і дзяржаўныя граніцы
- Чаму самая касавая беларуская стужка сведчыць аб трыумфе лімінальнасці?
- Савецкі ампір і жанр giallo. Маньяк на даху перад вакзалам