Анонс в Минске
З 21 снежня на праспекце Незалежнасці, 47 адкрываецца новы сумесны выставачны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і галерэі FARBA.
Выставачны праект “Вечна зялёнае” – пра пошук “ідэальнага” месца, “персанальную ўтопію”, прастору не столькі фізічную, колькі сімвалічную. Гэта тэрыторыя самавыяўлення, аднаўлення і сузірання, якая адлюстроўвае індывідуальнасць свайго стваральніка і ў той жа час дазваляе яму схавацца, перасабрацца. Для аднаго – спосаб прымірыцца з агрэсіўным асяроддзем, для другога – выпрабаванне забыццём або шлях вызвалення.
І стаў чалавек панаваць над прыродай, і вырашыў ён, што мае на гэта права. Ён структуруе, парадкуе, будуе, прыводзіць да агульнага назоўніка, шукае лагічнае тлумачэнне, ставіць вопыты, параўноўвае, атрымлівае пацверджанне… Чалавек перастаў быць часткай прыроды? Ці гэта ілюзія?
Аўтары выставы даследуюць прыродныя і ўяўныя ландшафты, праяўленыя зоны на мяжы асабістага і публічнага, поле ілюзій і сапраўднасці, ідэнтычнасці і нявызначанасці. Яны разважаюць пра тое, як мы арыентуемся ў гэтых прасторах, насычаных асабістай гісторыяй і сацыяльнай памяццю.
Пошук каардынат вядзецца праз неантрапацэнтрычны погляд (чалавек перастае быць галоўным і адзіным цэнтрам), праз містычны genius loci, рэальныя пейзажы, у якіх можна растварыцца ці зноў сябе знайсці.
Матывы ўцёкаў, уразлівасці, вызвалення раскрываюцца ў мультымедыя, інсталяцыях, відэа, сайт-спецыфік, арт-аб'ектах і фатаграфічных праектах. Усе гэтыя мастацкія стратэгіі канструююць лакацыі, у якіх глядач можа згубіцца, знайсці суцяшэнне або ўступіць у дыялог з уласным досведам.
Так, выставачны праект “Вечна зялёнае” становіцца кропкай перасячэння рэальнасці і жадання, асабістага і агульнага, часовага і вечнага.
Куратары праекта: Дзіна Данілавіч, Аляксандр Булаш
Наведаць выставу можна з 21 снежня 2025 года па 15 лютага 2026 года.
Кошт білетаў:
20 руб. - поўны;
18 руб. - студэнты дзённай формы навучання;
16 руб. - пенсіянеры, навучэнцы школ, гімназій, ПТВ, ССНУ, шматдзетныя сем'і, інваліды III групы.
Выставачны праект працуе:
12.00-20.00, серада-нядзеля.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь,
пр-т Незалежнасці, 47 (ст. м. «Плошча Якуба Коласа»)
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах:
+375 17 242 78 14 (каса)
+375 25 542 30 00