Event announcement in Минск
10 лістапада 2023 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэтраспектыўнай выставы дыпломных работ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Школа творчасці». У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 50 жывапісных, скульптурных і графічных твораў з фондаў акадэміі і збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў» мае багатую гісторыю і традыцыі, якія сфарміравалі педагагічныя методыкі. Гісторыя акадэміі пачынаецца ў пасляваенны перыяд, калі ў 1945 годзе па распараджэнні Саўнаркама СССР, Саўнаркама БССР і Камітэта мастацтваў быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. У 1953 годзе ён быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1991 годзе інстытут рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію мастацтваў, у 2001 годзе яму прысвоена сучасная назва. Сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — буйная і аўтарытэтная ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы творчых кадраў у галіне выяўленчага мастацтва. Акадэмія ў значнай ступені фарміруе тэндэнцыі развіцця беларускай школы выяўленчага мастацтва, забяспечвае захаванне і пераемнасць традыцый нацыянальнай выяўленчай школы. Сярод выкладчыкаў і выпускнікоў акадэміі — вядомыя ў краіне і свеце мастакі, якія маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь і іншых краін і зарэкамендавалі сябе на прэстыжных міжнародных конкурсах і выставачных праектах.
На рэтраспектыўнай выставе прадстаўлены дыпломныя работы, выкананыя больш як за 60 гадоў работы акадэміі – з 1959 па 2023 год. Такім чынам, праект дае магчымасць пазнаёміцца з творчымі пошукамі выпускнікоў акадэміі розных гадоў, прасачыць этапы развіцця стылістычных асаблівасцей айчыннага мастацтва — ад традыцыйных форм, метадаў і канцэпцый да сучасных. Асаблівую цікавасць уяўляюць дыпломныя работы тых выпускнікоў, якія пасля сталі выдатнымі майстрамі нацыянальнага выяўленчага мастацтва і атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце — Л. Д. Шчамялёў, Б. У. Аракчэеў, У. У. Кожух, П. У. Хадаровіч, С. Р. Гарбунова і інш.
Наведвальнікі выставы будуць мець унікальную магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі акадэмічнага мастацтва і сучаснымі мастацкімі прыёмамі. Пры гэтым кожная праца непаўторная, кожны твор дэманструе не толькі валоданне мастацкай тэхнікай, але і своеасаблівасць светаўспрымання аўтараў, уменне вобразна і самабытна ўвасобіць задуманае.
Выстава працуе да 17 снежня 2023 года.
Время работы: Пн. - вс. 11:00 - 19:00, касса до 18:30