Event announcement in Минск
12 кастрычніка 2023 года ў галерэі «Панарама» (22 паверх) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца акрыццё выстаўкі Таісіі Кухчынскай «Вышыты раманс», прымеркаванай да Дня маці (14 кастрычніка) і зладжанай сумесна з клубам «Прырода і фантазія», членам якога з’яўляецца мастачка.
Клуб існуе з 1968 года, спачатку функцыянаваў як секцыя «Прырода і творчасць» пры сталічным «Доме прыроды» і Беларускім грамадстве аховы прыроды. 40 гадоў членам клуба з’яўлялася народная артыстка БССР Стэфанія Станюта. У 2023 годзе клубу аматараў і творцаў — 55 гадоў.
Таісія Кухчынская займаецца дэкаратыўным мастацтвам больш за 60 гадоў, яе работы ўдзельнічалі ў сумесных выстаўках клуба, адбылося некалькі персанальных выставак у бібліятэках горада. У 2019 годзе работы мастачкі экспанаваліся на Славянскім базары і падчас Міжнароднага фестываля творчасці інвалідаў «Віцебск — 2019» атрымалі Дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».
«Вышыты раманс» прадстаўляе работы мастачкі, выкананыя ў тэхніках алмазнай мазаікі, вышыўкі стужкамі, крыжом і бісерам, а таксама ў змешаных тэхніках.
Значна, што гісторыя вышыўкі шаўковымі стужкамі, бісерам, дэкаратыўнай мазаікай і ніткамі сыходзяць у глыб стагоддзяў, захоўваючы ў кожным шыўке спрадвечную мудрасць і назапашаныя стагоддзямі веды. Карані найстаражытных відаў рамесніцтва можна адшукаць ва ўсіх краінах свету. Вышываннем спрадвеку захапляліся і майстрыхі на Русі, і рамесніцы на Усходзе, і мастакі-індзейцы ў Паўночнай Амерыцы. Сёння рукадзельнае мастацтва натхнёна і плённа развіваецца і ў Беларусі.
У экспазіцыі «Вышытага раманса» — пейзажы, нацюрморты, патрэты, архітэктурныя і кветкавыя кампазіцыі. Чароўны свет ствараецца на кавалачках тканіны з дапамогай маленькай іголкі і рознакаляровых нітачак, ззяючых кропляў бісерынак і стужак. Лірычныя, рамантычныя сюжэты ў разнастайнасці колераў і адценняў узнікаюць пад рукамі аўтаркі. Надзвычайная дэталёвасць дае магчымасць не толькі разнастайна перадаць каляровую гаму, але і стварае адчуванне, што перад гледачом не вышыўка, а карціна, напісаная алеем. Дэкаратыўныя работы напоўнены цяплом і ўтульнасцю вобразаў… З кожным годам, з жыццёвым вопытам расце майстэрства мастачкі, не знікае яе жаданне несці радасць людзям, упрыгожваць жыццё жывапіснай вышыўкай, дзе кожны шывок матэрыялам
зроблены ад сэрца і дзеля таго, каб зрабіць свет і жыццё больш добрымі і шчаслівымі.
Вясновая раніца, летняе мора, лясны пейзаж, парылыя жаночыя сілуэты ў летнім марыве, абрысы начнога горада, багацце кветак — створаныя з матчынай руплівасцю, цярплівасцю, дабразычлівасцю работы ладзяць святочную прастору выстаўкі «Вышыты раманс» і становяцца своеасаблівым падарункам, падзякай і прызнаннем мамам-наведвальніцам галерэі.
Экспазіцыя будзе працаваць да 14 студзеня 2024 года.
Уваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.
Вход:
6,00 руб. — полный
5,00 руб. — льготный