Event announcement
Выстаўка адкрыецца ў межах фестывалю мастацтва «Арт-Мінск 2023». Найбуйнейшае штогадовае мастацкае мерапрыемства Беларусі праходзіць на пляцоўцы бібліятэкі ў шосты раз. Маштабнае свята выяўленчага мастацтва зноўку прысвечана адзінай мэце – упрыгожыць культурнае жыццё любімага горада, творча пераасэнсаваць яго надзённасць, падарыць жыхарам і гасцям горада асалоду ад мастацтва.
У экспазіцыі – маляўнічыя гарадскія пейзажы, выкананыя беларускай мастачкай Маргарытай Маніс. Асноўная тэма яе творчасці – горад Мінск. «Арт-Мінск Маргарыты Маніс» прадстаўляе праспекты і вуліцы, славутасці, незабыўны архітэктурны каларыт роднага горада. На выстаўцы вы пабачыце цэнтр горада, улюбёнае Траецкае прадмесце, прыцярушаны снегам парк Янкі Купалы і праспект Незалежнасці, «вежы Мінска», заціснутыя дамамі вулачкі каля плошчы Бангалор, мітуслівы паток машын і бязлюдную начную Кастрычніцкую плошчу. Кожная пейзажная кампазіцыя выканана на свой лад, з увагай да нюансаў, настрою, дэталяў, з захаваннем асобнага, адметнага подыху менавіта гэтай прасторы і моманту.
Маргарыта Маніс скончыла Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава, Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокага, магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва, удзельнічае ў беларускіх і міжнародных выстаўках, у сацыяльных і дабрачынных мерапрыемствах, яе работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях, пасольствах і ўстановах дзесяткаў краін.
Выстаўка будзе працаваць да 25 верасня.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.
Вход: Уваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.