Event announcement
Сімвалам свайго паэтычнага выказвання краёвы пясняр абраў ліру. Бо душа яго не размаўляла – спявала. І музычнасць вершаў і гавэндаў паэта проста імкнулася, ірвалася ўвасобіцца ў гуках. Сваёй творчасцю Людвік Кандратовіч натхніў шматлікіх сучасных яму кампазітараў на напісанне сапраўдных шэдэўраў. А шэраг яго вершаў наўпрост праслаўляе музыку і музыкантаў. Спеў вясковага лірніка гучыць дзесьці ў нашай падсвядомасці і дагэтуль: яго рыфмы кранаюць і клічуць да жыцця новыя нотныя і паэтычныя радкі.
У творах Сыракомлі мы адкрываем і пазнаём сябе: без напластаванняў пафаса і прыбраных ілжывых ідэй. З яго верша “Доля” вырастае талент Янкі Купалы, непаўторная інтанацыя жыццёвай скаргі, а ў музычных увасабленнях паэзіі лірніка выразна распазнаюцца калівы-правобразы беларускай музыкі.
Напярэдадні юбілею паэта запрашаем усіх на прэм’еру адмыслова падрыхтаванай музычна-літаратурнай праграмы “Ліра Уладзіслава Сыракомлі”, якая адбудзецца 1 чэрвеня
Будзем размаўляць аб феномене Сыракомлі, які, жывучы пераважна ў фальварках, а не ў вялікіх гарадах, стаў вешчуном свайго краю. Пазнаёмімся з песнямі на яго вершы кампазітараў-літвінаў: Станіслава Манюшкі, Віктара Кажынскага і Канстанціна Горскага.
А таксама разам развучым жартоўны хіт “Сеў коцік на плот і міргае”, які яшчэ добра памятаюць карэнныя віленчукі.
Выступоўцы:
▪ Святлена Немагай – кандыдат мастацтвазнаўства (канферанс, фартэпіяна)
▪ Галіна Сакольнік – лаўрэат міжнародных конкурсаў (мэца-сапрана)
▪ Аляксей Загорскі – лаўрэат міжнародных конкурсаў (скрыпка)