Event announcement
Жывата Цвіёвіч, чалавек хоць і заможны, але ўвогуле па сваіх чалавечых якасцях даволі някепскі. Ён вылузваецца, як умее, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Жывата апантаны ідэяй вывучыць сына Міларада на доктара філасофіі і зацвердзіць сябе ў шляхетным грамадстве. Пад імем сына-лайдака пасылае вучыцца за мяжу іншага чалавека, які бліскуча заканчвае ўніверсітэт. Праўда, прыдбаў хлопец не толькі дыплом, але і жонку з дзіцем…
У сям'і Цвіёвічаў рыхтуецца вяселле сына на багатай нявесце. Але няма нічога таемнага, што не стала б яўным! Камедыйная спружына пачынае раскручвацца: з-за мяжы з'яўляецца ўяўная жонка з дзіцем, знакаміты прафесар шукае сустрэчы са сваім таленавітым студэнтам, члены савета дзіцячага прытулку запрашаюць новаспечанага доктара філасофіі прачытаць дабрачынную лекцыю...
Чым закончыцца гэта заблытаная гісторыя, даведаюцца гледачы, якія прыйдуць на спектакль.